ІРЛА́НДСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1916.

Дублінскае паўстанне 19 16, нацыянальна-вызв. паўстанне супраць англ. панавання ў Ірландыі. Падрыхтавана ірл. рэвалюцыянерамі, незадаволенымі затрымкай з увядзеннем закона аб гомрулі. Яны спадзяваліся ўзняць агульнанац. паўстанне і вызваліць краіну, зыходзячы з занятасці брыт. узбр. сіл на франтах 1-й сусв. вайны. Адбылося 24—30.4.1916 пераважна ў Дубліне. У першы дзень паўстання (велікодны панядзелак, адсюль яшчэ адна назва — Велікоднае паўстанне) больш за 1 тыс. ірл. валанцёраў і рабочых пад кіраўніцтвам П.Пірса і Дж.Коналі занялі шэраг стратэг. пунктаў Дубліна, утварылі часовы ўрад на чале з Пірсам і абвясцілі незалежную Ірл. рэспубліку. Паўстанне не атрымала шырокай падтрымкі ірл. грамадства і было разгромлена англічанамі. Арыштавана каля 3500 ірландцаў, Пірс, Коналі і інш. кіраўнікі (16 чал.) пакараны смерцю. Пасля паражэння І.п. сярод ірландцаў павялічыўся аўтарытэт паліт. арг-цыі Шын фейн, якую англічане абвінавацілі ў падрыхтоўцы паўстання.

Літ.:

Колпаков АД. Ирландия на пути к революции, 1900—1918 гг. М., 1976.

т. 7, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)